ХІРУРГІ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

інструменты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца пры аперацыях хірургічных. Падзяляюцца на агульныя і дапаможныя.

Да агульных адносяць Х.і. для раз’ядноўвання тканак, фіксацыі і злучэння іх: скальпелі (у т. л. лазерныя, плазмавыя), нажніцы, электранажы, пілы (ліставыя, стужачныя, дыскавыя, драцяныя), іголкі (прамыя і выгнутыя, колючыя, рэжучыя, атраўматычныя); для спынення крывацёку — заціскачкі і апараты, лігатурныя іголкі і інш.; для зандзіравання ран, раскрыцця касцявых поласцей і інш. Дапаможныя інструменты: пінцэты, расшыральнікі, брушныя і пячоначныя люстэркі, лапаткі-падымальнікі і інш. Х.і. з аптычным прыстасаваннем служаць для дыягностыкі і аператыўнага лячэння, узяцця матэрыялу на аналіз і інш. Існуюць таксама спец. Х.і. — нейрахірург., мікрахірург., сасудзістыя і інш.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)